Засн. ў Мінску ў 1945 як Бел.дзярж. харэаграфічнае вучылішча, з 1996 сучасная назва. Яго стварэнне падрыхтавана развіццём прафес. харэаграфічнай адукацыі на Беларусі, якая бярэ пачатак ад харэаграфічнага класа пры Бел.муз. тэхнікуме (з 1928), Бел. студыі оперы і балета (1930—33), балетнай школы пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР (з 1934), харэаграфічнага аддзялення ў тэатр. вучылішчы (з 1939). Арганізатар і першы маст. кіраўнік З.Васільева (да 1949). У 1996/97 навуч.г. працавала аддзяленне класічнага танца з 8-гадовым тэрмінам навучання (прымаюцца дзеці на базе 4 класаў агульнаадук. школы). Навучанне дзённае. Да 1992 існавала таксама аддзяленне нар. танца з 5-гадовым тэрмінам навучання. Сярод педагогаў: А.Калядэнка, В.Лапо, К.Малышава, Н.Нікалаева, М.Пятрова, Г.Сінельнікава, В.Швяцова. Маст. кіраўнік Ю.Траян (з 1995). У розны час у каледжы працавалі: маст. кіраўнікі А.Нікалаева, І.Савельева; педагогі Л.Бржазоўская, Я.Глінскіх, В.Давыдаў, В.Дудко, А.Карзянкова, У.Камкоў, Р.Красоўская, М.Красоўскі, Н.Малахава, Н.Младзінская, Н.Лаўлава, Р.Сінёва, Л.Чахоўскі і інш. У 1995—96 у каледжы выдаваўся час. «Вестник» (па праблемах балетнага мастацтва; выйшла 8 нумароў).
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет. Мн., 1966.
А.І.Калядэнка.
Будынак Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь.